Нацыянальны касцюм нашай мясцовасці
Калінкавіцкі строй – традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення на Усходнім Палессі. Бытаваў у XIX – 1-й паловы XX ст. пераважна ў Калінкавіцкім, Светлагорскім і Жлобінскім раёнах.
Гэта адна з вяршынь мастацтва беларускага народнага касцюма. Ён вельмі маляўнічы, але ў той жа час стрыманы і вытанчаны. У каляровай гаме касцюмаў маладых людзей пераважаюць не белачырвоныя колеры, а чырвона-малінавы, васільковы, чорны. Арнаменты геаметрычныя: ромбы, трохвугольнікі, тонкія гарызантальныя палоскі – імі ўпрыгожваліся кашуля, фартух і галаўны ўбор. На дзяўчыне, намаляванай на карце, тыповая «скіндачка» з прыгожай вышыўкай і махрамі. Кроілася скіндачка ў выглядзе ручніка з выбеленага даматканага палатна шырынёй 10–30 см і даўжынёй 70–140 см. Завязвалася на патыліцы так, каб не закрывала верхавіну галавы, а вольныя канцы звісалі па спіне.