ДЗЯРЖАЎНЫЯ СІМВАЛЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй – чырвонага колеру шырынёй у 2/3 і ніжняй – зялёнага колеру ў 1/3 шырыні сцяга. Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, якое складае 1/9даўжыні сцяга
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн з’яўляюцца сімваламі суверэнітэту краіны.
Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой залаты контур Рэспублікі Беларусь у залатых прамянях сонца над зямным шарам. Зверху контуру знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамляе вянок з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева –лёну. Каласы абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой знізу зроблены надпіс золатам: "Рэспублiка Беларусь".
У Беларусі ўстаноўлена дзяржаўнае свята – Дзень Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, якое адзначаецца штогод у 2-ю нядзелю мая. Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь з’яўляецца твор на музыку Нестара Сакалоўскага і словы Міхаіла Клімковіча і Уладзіміра Карызны.
Дзяржаўны гімн сучаснай Беларусі захаваў музычную аснову гімна Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Музыка Нестара Сакалоўскага карысталася папулярнасцю і павагай людзей розных пакаленняў, таму і пры стварэнні гімна незалежнай Беларусі было прынята рашэнне яе захаваць. Потым быў аб’яўлены конкурс на стварэнне тэксту гімна. Словы Дзяржаўнага гімна адлюстроўваюць умовы развіцця Рэспублікі Беларусь як суверэннай, міралюбівай дзяржавы, падкрэсліваюць патрыятызм і працавітасць грамадзян, брацкія адносіны паміж прадстаўнікамі ўсіх нацыянальнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі краіны.
Мы, беларусы — мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям’і.
Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!
Разам з братамі мужна вякамі
Мы баранілі родны парог,
У бітвах за волю, бітвах за долю
Свой здабывалі сцяг перамог!
Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!
Дружба народаў — сіла народаў —
Наш запаветны, сонечны шлях.
Горда ж узвіся ў ясныя высі,
Сцяг пераможны — радасці сцяг!
Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА
Багатая культура Беларусі – самабытнасць, разнастайнасць стыляў, форм, напрамкаў.
Гісторыя беларускай культуры
Самабытная мастацкая культура Беларусі фарміравалася на працягу стагоддзяў. Тут існавалі арыгінальныя архітэктурныя і мастацкія школы, ствараліся непаўторныя музычныя і літаратурныя творы.
Усе шэдэўры беларускага мастацтва, якія дайшлі да нашых дзён, знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Яны захоўваюцца ў калекцыях буйнейшых беларускіх музеяў, зборах бібліятэк. Класіка беларускай музыкі і драматургіі дэманструецца на тэатральных падмостках і ў канцэртных залах. Сучаснае культурнае жыццё Беларусі дынамічнае і разнастайнае. У краіне праходзіць мноства мастацкіх выстаў, музычных, тэатральных і кінематаграфічных фестываляў.
Усё гэта цікава і даступна як для беларусаў, так і для гасцей краіны.
Выяўленчае мастацтва Беларусі
Выяўленчае мастацтва Беларусі разнастайнае па стылях, напрамках і жанрах. Самыя цікавыя творы беларускага жывапісу і скульптуры розных эпох можна ўбачыць у мастацкіх музеях краіны.
Буйнейшы збор твораў мастацтва мае Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Ён актыўна прапагандуе нацыянальнае мастацтва. Тут пастаянна праходзяць выставы твораў беларускіх мастакоў.
Цікавыя калекцыі твораў беларускага мастацтва ў Віцебскім абласным мастацкім музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі, Полацкай мастацкай галерэі.
У многіх раённых цэнтрах Беларусі ёсць мастацкія галерэі, дзе можна ўбачыць работы мясцовых мастакоў.
Музыка ў Беларусі
Сучаснае музычнае мастацтва Беларусі імкнецца захаваць нацыянальныя традыцыі, адначасова развіваючы папулярныя ў свеце стылі і напрамкі. Творы беларускіх кампазітараў, сусветнай класічнай і эстраднай музыкі гучаць у выкананні як прафесійных, так і самадзейных музыкантаў.
Вялікай папулярнасцю карыстаецца творчасць вядучых музычных калектываў краіны:
- Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь;
- Нацыянальнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам М.Фінберга;
- Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра;
- Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р.Шырмы;
- Дзяржаўнага народнага хору імя Г.Цітовіча;
- вакальнай групы «Чысты голас»;
- вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры»;
- вакальна-інструментальнага ансамбля «Сябры»
У Беларусі штогод праходзяць фестывалі, якія прадстаўляюць розныя напрамкі і жанры музычнага мастацтва:
- «Беларуская музычная восень»;
- «Мінская вясна»;
- «Залаты шлягер»;
- «Музы Нясвіжа»
Сімвалам фестывальнага руху Беларусі стаў Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», удзел у якім прымаюць папулярныя артысты з розных краін свету.
Тэатр у Беларусі
Беларускі прафесійны тэатр развіўся са старадаўніх народных абрадаў, творчасці вандроўных музыкантаў, прыдворных труп беларускіх магнатаў, дзейнасці аматарскіх калектываў рубяжа XIX–XX стст. Цяпер у краіне працуе 28 дзяржаўных тэатраў, вялікая колькасць самадзейных народных калектываў, у т.л.:
- лялечныя тэатры;
- драматычныя тэатры;
- музычныя тэатры.
Самым праслаўленым тэатрам рэспублікі з’яўляецца Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі. Яго пастаноўкі заваявалі грандыёзны поспех як у айчыннага, так і ў замежнага гледача. У Беларусі праходзяць маштабныя тэатральныя фестывалі, сярод якіх «Панарама» ў Мінску, «Белая вежа» ў Брэсце.
Літаратура ў Беларусі
Літаратура стагоддзямі адыгрывала важную ролю ў культуры Беларусі.
Сярод найбольш вядомых пісьменнікаў і паэтаў Беларусі:
- Сімяон Полацкі;
- Янка Купала;
- Якуб Колас;
- Максім Багдановіч;
- Васіль Быкаў і г.д.
Трагічная гісторыя краіны паўплывала на тое, што тэма вайны доўгі час была вядучай у беларускай літаратуры.
Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь у Мінску мае самы вялікі збор друкаваных выданняў у краіне, а таксама права атрымання абавязковага экзэмпляра. Тут сабраны самы вялікі за межамі Расіі збор кніг на рускай мове. У 2006 годзе адкрыты новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі, які мае унікальнае архітэктурнае рашэнне ў форме брыльянта, – прадмет нацыянальнай гордасці беларусаў.
ЦІ ВЕДАЕЦЕ ВЫ, ШТО...
Самыя яркія старонкі беларускай гісторыі, унікальная прырода, самабытная культура і асобы, якія змянілі свет...
Нацыянальны парк «Прыпяцкі» – адзінае месца на планеце, дзе існуюць першабытныя пойменныя дубровы.
У нацыянальным парку практычна ў некранутым стане захаваліся унікальныя пойменныя ландшафты Беларускага Палесся – з дзюнамі, катлавінамі і лагчынамі, дзе сярод дуброў і ясеннікаў размешчана больш як 30 азёр. На Палессі таксама захаваліся самыя вялікія прыродныя балоты ў Еўропе. Найбольш буйныя з іх – Званец (150 кв. км) і Дзікае (80 кв. км).
Белавежская пушча – самы буйны старажытны лес Еўропы.
Звесткі пра пушчу сустракаюцца яшчэ ў антычнага гісторыка Герадота (5 ст. да н.э.) і ў Іпацьеўскім летапісе (983 г.). У канцы XIV ст. вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Ягайла аб’явіў пушчу запаведнай і ўстанавіў забарону на паляванне. Старажытны лес ахоўваецца ўжо 600 гадоў. У Белавежскай пушчы налічваецца каля 2 тысяч дрэў-веліканаў. Некаторыя з іх з’явіліся яшчэ да адкрыцця Калумбам Амерыкі! Белавежская пушча ўключана ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
У Беларусі існуе самая вялікая ў свеце папуляцыя зуброў.
Гэтыя жывёлы самыя цяжкія і вялікія наземныя млекакормячыя на еўрапейскім кантыненце, апошнія еўрапейскія прадстаўнікі дзікіх быкоў. Мікола Гусоўскі напісаў сваю славутую «Песню пра зубра» па заказе Папы Рымскага Льва X, які хацеў пачуць праўдзівае паэтычнае слова пра паляванне на зуброў. Найбольшая колькасць зуброў жыве ў Белавежскай пушчы
Нясвіж належаў роду Радзівілаў - аднаму з самых багатых у Еўропе
Многім у сваім непаўторным абліччы Нясвіж абавязаны творам італьянскага архітэктара Яна Джавані Марыі Бернардоні. Па яго праектах у XVI стагоддзі ўзведзены замак і фарны касцёл Божага Цела – першае на тэрыторыі Рэчы Паспалітай збудаванне ў стылі барока. У храме знаходзіцца адзін з буйнейшых у Еўропе некропаль княжацкага роду, які налічвае 102 саркафагі членаў сям’і Радзівілаў. Нясвіжскі замак уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Адзін з трох усходнеславянскіх сафійскіх сабораў знаходзіцца ў Беларусі
Гэты манументальны помнік архітэктуры пабудаваны ў Полацку паміж 1044–1066 гадамі пры князі Усяславе Брачыславічу, празваным Чарадзеем, як сімвал роўнасці з самымі ўплывовымі старажытнарускімі гарадамі – Кіевам і Ноўгарадам, дзе таксама былі пабудаваны саборы ў гонар святой Сафіі.
Беларусы адны з першых у Еўропе, яшчэ ў 1517 годзе, мелі сваю друкаваную Біблію.
Беларускі першадрукар Францыск Скарына сваю выдавецкую дзейнасць пачаў у Празе, дзе надрукаваў 23 ілюстраваныя кнігі Бібліі ў перакладзе на старабеларускую мову. У пачатку 1520-х гадоў пераехаў у Вільню і заснаваў друкарню. У ёй надрукаваны «Малая падарожная кніжка» і Апостал. Рэнесансныя выданні Скарыны адметныя высокай якасцю друку, своеасаблівымі ілюстрацыямі і гравюрамі, шрыфтам і іншымі кампанентамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства.
Чатырнаццаць нобелеўскіх лаўрэатаў маюць беларускія карані.
Гэта самая прэстыжная міжнародная прэмія існуе ўжо больш як 100 гадоў і за гэты час была ўручана прадстаўнікам самых розных краін. Імёны многіх нобелеўскіх лаўрэатаў з беларускімі каранямі вядомы цяпер усяму свету. Гэта, у прыватнасці, лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па эканоміцы, хіміі і фізіцы – Сайман Кузнец, Аарон Клуг, Жарэс Алфёраў; лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру – Іцхак Рабін, Менахем Бегін і Шымон Перэс.
Ураджэнец Беларусі Тадэвуш Касцюшка – нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША.
Тадэвуш Касцюшка за сваю бліскучую кар’еру быў саратнікам бацькі-заснавальніка ЗША Вашынгтона і нацыянальнага героя Францыі Лафаета, атрымліваў прапановы аб супрацоўніцтве ад французскага імператара Напалеона І і рускага цара Аляксандра І, але адмовіў ім. Касцюшка стаў актыўным удзельнікам многіх значных гістарычных падзей: у 1776–83 гадах добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША; у 1784 годзе ўзначаліў нацыянальна-вызваленчае паўстанне ў Рэчы Паспалітай.
Партызанскі рух у Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны быў самы магутны ў Еўропе.
Ужо ў 1943 годзе партызаны кантралявалі каля 60 працэнтаў тэрыторыі рэспублікі. На тэрыторыі Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны дзейнічаў самы буйны ў Еўропе яўрэйскі партызанскі атрад, арганізаваны братамі Бельскімі. Пра рэальныя падзеі, звязаныя з дзейнасцю атрада, расказвае фільм амерыканскага рэжысёра Эдварда Цвіка паводле сцэнарыя Клея Формана «Супраціўленне», прэм’ера якога адбылася ў студзені 2009 года.
Рэліквію беларусаў – слуцкія паясы – ткалі толькі мужчыны.
І насілі паясы толькі мужчыны, і нават абвязвацца імі ўладальнікам дапамагалі толькі мужчыны. Хадзіла павер’е, што калі жаночая рука дакранецца да каштоўных ніцей, тканіна пацьмянее і пояс можна будзе адразу выкінуць. Славутыя паясы выпускала не толькі слуцкая мануфактура. У Францыі, у Ліёне, паясы рабілі на ўзор слуцкіх і нават ставілі «слуцкую» метку.
ВЯДОМЫЯ БЕЛАРУСЫ
Многія вядомыя людзі – ад святых сярэдневякоўя да лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі і алімпійскіх чэмпіёнаў сучаснасці – ураджэнцы Беларусі.
Вядомыя гістарычныя асобы Беларусі:
- Барбара Радзівіл, вялікая княгіня, каралева Польшчы
- Тадэвуш Касцюшка, які нарадзіўся ў Беларусі ў 1746 годзе, з’яўляецца нацыянальным героем Беларусі, Амерыкі і Польшчы. Быў кіраўніком нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай, прымаў удзел у вайне за незалежнасць ЗША.
Вядомыя вучоныя з Беларусі:
- Ігнат Дамейка.
Нарадзіўся ў Беларусі ў 1802 годзе. Быў знакамітым геолагам, большую частку жыцця правёў у Чылі, дзе стаў нацыянальным героем. За свае дасягненні афіцыйна прызнаны ЮНЕСКА.
- Аляксандр Чыжэўскі.
Нарадзіўся ў Гродзенскай вобласці ў 1897 годзе. Прызнаны вучоны, які вывучаў біялагічнае ўздзеянне Сонца і Сусвету, у тым ліку суадносіны сонечнай актыўнасці з перыядамі войнаў у гісторыі чалавецтва.
- Жарэс Алфёраў.
Нарадзіўся ў Віцебску ў 1930 годзе. Алфёраў удастоены Нобелеўскай прэміі па фізіцы ў 2000 годзе.
Вядомыя касманаўты з Беларусі:
- Пётр Клімук.
Пётр Клімук, першы беларускі касманаўт, вучоны ў галіне тэхнічных навук, двойчы Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў в. Камароўка Брэсцкага р-на ў 1942 годзе. Ажыццявіў тры палёты ў складзе экіпажаў касмічных караблёў і арбітальных комплексаў, правёў у космасе 78,76 сутак.
- Уладзімір Кавалёнак.
Уладзімір Кавалёнак, беларускі касманаўт, вучоны ў галіне ваенных навук, двойчы Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў в. Белае Мінскай вобласці ў 1942 годзе. Ажыццявіў тры палёты ў космас у якасці камандзіра экіпажа, правёў у космасе 216,38 сутак, у тым ліку ў адкрытым космасе 2,3 гадзіны.
Вядомыя ў мастацтве беларусы
- Марк Шагал.
Нарадзіўся ў 1887 годзе ў Віцебску. Самы знакаміты ўраджэнец Беларусі, вядомы ва ўсім свеце як класік авангардызму ў выяўленчым мастацтве.
- Луіс Барт Маер.
Нарадзіўся ў Мінску ў 1885 годзе. Кінематаграфіст Луіс Барт Маер найбольш вядомы як адзін з заснавальнікаў галівудскай кінастудыі «Метра-Голдвін-Маер».
- Васіль Быкаў.
Быкаў Васіль Уладзіміравіч, беларускі празаік, драматург, публіцыст. Нарадзіўся ў 1924 годзе ў в. Бычкі Віцебскай вобласці. У аснове творчай манеры Быкава – суровая праўда ў адлюстраванні вайны, яе драматычных і трагічных сітуацый, пільная ўвага да багацця думак і пачуццяў чалавека, дэмакратызм і абвостраная чалавечнасць, філасофская насычанасць і выразнасць апавядання. Народны пісьменнік Беларусі (1980). У 1990–1993 гадах - прэзідэнт аб’яднання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Памёр у 2003 годзе.
Вядомыя палітыкі з Беларусі:
- Хаім Вейцман.
Нарадзіўся ў Беларусі ў невялікай вёсцы пад Пінскам у 1874 годзе. Хаім Вейцман быў выдатным хімікам, чытаў лекцыі ў Швейцарыі і Вялікабрытаніі. Як актыўны сіяніст ён быў выбраны першым прэзідэнтам Дзяржавы Ізраіль (1949) і заставаўся на гэтай пасадзе да самай смерці (1952).
Знакамітыя асветнікі Беларусі:
- Францыск Скарына.
Нарадзіўся ў Полацку ў 1486 годзе. Беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Пераклаў на беларускую мову і выдаў 23 кнігі Бібліі, першую – у 1517 годзе.
- Святая Ефрасіння.
Полацкая князёўна. Нарадзілася ў XII стагоддзі. Стала манашкай у 12 гадоў і правяла жыццё, дапамагаючы бедным і будуючы цэрквы і манастыры па ўсёй Беларусі. Памерла ў час паломніцтва ў Іерусалім, яе мошчы вернуты ў Беларусь у 1910 годзе. Прылічана да ліку святых, ушаноўваецца як нябесная заступніца зямлі беларускай.
Чэмпіёны з Беларусі:
- Аляксандр Мядзведзь.
Беларускі спартсмен і трэнер (вольная барацьба). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1964, 1968, 1972), свету (1962, 1963, 1966, 1967, 1969–71). Прызнаны лепшым барцом вольнага стылю ХХ стагоддзя.
- Вольга Корбут.
Легендарная гімнастка заваявала 4 залатыя алімпійскія медалі, тры з іх – на алімпійскіх гульнях у Мюнхене (1972). У 1972 годзе прызнана лепшай спартсменкай свету.
- Віталь Шчэрба.
Беларускі спартсмен (спартыўная гімнастыка). Чэмпіён XXV Алімпійскіх гульняў (1992, Іспанія). Бронзавы прызёр XXVI Алімпійскіх гульняў (1996, ЗША). 14-разовы чэмпіён свету, 10-разовы чэмпіён Еўропы. Пераможца Гульняў добрай волі (1990, ЗША). Чэмпіён Універсіяд (1993, 1995). Лепшы спартсмен свету за 10-годдзе (1991–2000).
- Ігар Макараў.
Макараў заваяваў залаты медаль у дзюдо на Алімпійскіх гульнях у Афінах ў 2004 годзе.
- Юлія Несцярэнка.
Несцярэнка заваявала залаты медаль у бегу на 100 метраў на Алімпійскіх гульнях у Афінах ў 2004 годзе.
- Максім Мірны.
Максім Мірны – самы вядомы тэнісіст Беларусі, які заваяваў серыю міжнародных узнагарод у парным разрадзе і вывеў беларускую зборную на лепшае месца за ўсю яе гісторыю на Кубку Дэвіса.
- Аляксандра Герасіменя.Нарадзілася ў Мінску ў апошні дзень 1985 года. Аляксандра - чэмпіёнка свету 2011 года на дыстанцыі 100 м вольным стылем, сярэбраны прызёр ЧС-2007 на дыстанцыі 50 м на спіне, чэмпіёнка Еўропы 2010 года на дыстанцыі 50 м на спіне, сярэбраны прызёр ЧЕ-2010 на дыстанцыі 100 м вольным стылем, сярэбраны прызёр ЧЕ-2006 на дыстанцыі 50 м на спіне, бронзавы прызёр ЧЕ-2002 на дыстанцыях 50 м вольным стылем і 50 м на спіне. Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў-2012.
- Вікторыя Азаранка. Беларуская тэнісістка. Былая першая ракетка свету сярод юніёрак, пераможца двух юніёрскіх турніраў Вялікага Шлема. Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь (2010). Алімпійская чампіёнка ў змяшаным парным разрадзе і бронзавы прызёр Гульняў-2012 у жаночым адзіночным разрадзе. Пераможца двух турніраў Вялікага шлема ў змяшаным парным разрадзе. Першая беларуская тэнісістка — пераможца двух турніраў Вялікага шлема ў адзіночным разрадзе, першая беларуска на вяршыні рэйтынгу WTA (2012—2013 гады).
- Сяргей Мартынаў. Беларускі стралок заваяваў залаты медаль Алімпіяды-2012. Гэта ўжо трэцяя алімпійская ўзнагарода вопытнейшага беларускага стралка - да гэтага ён двойчы заваёўваў бронзавыя медалі ў Сіднеі-2000 і Афінах-2004. Усяго ён прымаў удзел у шасці Алімпіядах, прычым на чатырох з іх трапляў у фіналы.